1 ліпеня 2010 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20) адбудзецца прэзентацыя кнігі Адама Мальдзіса і Армэна Сардарава “Даўняя Беларусь. З настальгіяй аб мінулым” і адкрыццё фотавыстаўкі Армэна Сардарава “Даўняя Беларусь”. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Літаратура і Мастацтва”.
Руіны былых сядзіб, раскіданыя камяні крэпасцей, парослыя імхом сцены велічных храмаў, таямнічыя дарожкі старых паркаў… Усё гэта можна знайсці ў кнізе. Менавіта тут калісьці біліся ваяры, танцавалі мазурку прыгожыя дамы, а дзесьці вось там, з той брамы выходзілі чарадой манахі.
У гэтай кнізе вы знойдзеце і развагі аб мінулых, даўніх часах нашай Беларусі, канкрэтныя факты і цікавую інфармацыю аб яе традыцыях і абрадах, а таксама фатаграфічна-мастацкія ўражанні аб некаторых помніках і кутках роднай зямлі.
Аб былым з настальгіяй гутараць вядомыя навукоўцы Адам Мальдзіс і Армэн Сардараў. Альбом змяшчае каля 150 мастацкіх фатаграфій, а вобраз выдання стварыў таленавіты мастак Уладзімір Шолк.
На беларускай і англійскай мовах.
Аўтар ідэі, нарысаў і фотаздымкаў: Сардараў Армэн Сяргеевіч – архітэктар, вучоны, гісторык беларускіх дарог, фотамастак. Дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ, доктар архітэктуры. Член навукова-метадычнай рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Аўтар дыялогаў: Мальдзіс Адам Іосіфавіч – пісьменнік, гісторык, вучоны, журналіст. Доктар філалагічных навук, прафесар. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Аўтар мастацкага афармлення і макета кнігі: Шолк Уладзімір Ісакавіч – мастак, архітэктар, дызайнер. Лаўрэат прэмій імя Івана Фёдарава і Францыска Скарыны.
У рамках мерапрыемства адбудзецца выступленне міністра культуры Рэспублікі Беларусь, дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, дырэктара Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва” і іншых.
Госці прэзентацыі змогуць пазнаёміцца з кнігай “Даўняя Беларусь. З настальгіяй аб мінулым” і фотаздымкамі выстаўкі “Даўняя Беларусь”.
Тэлефон для даведак: 288-12-94, 284-79-65
E-mail:
LiM-marketing@yandex.ru